8 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з дня ўтварэння суда Кобрынскага раёна (1940)
Гісторыя суда Кобрынскага раёна бярэ свой пачатак у 1940 г., калі на падставе пастановы Брэсцкага аблвыканкама ад 8 студзеня быў утвораны Кобрынскі судовы ўчастак народных судоў. Пастановай Кобрынскага райвыканкама і райкама КПБ у 1940 г. народным суддзёй Кобрынскага раёна быў зацверджаны Іосіф Рыгоравіч Энцін — першы і адзіны суддзя Кобрынскага судовага ўчастка. У архіўных дакументах, па якіх прайшла нямецка-фашысцкая акупацыя, няма дакладнай даты пачатку работы ўстановы.
2025 г. — 85 гадоў з часу ўтварэння дзяржаўнай натарыяльнай канторы Кобрынскага раёна (1940)
Кобрынская раённая дзяржаўная натарыяльная кантора ўпраўлення Народнага Камісарыята юстыцыі БССР пры Брэсцкім абласным Савеце дэпутатаў працоўных утворана ў 1940 г. Дакументы таго перыяду не захаваліся ў сувязі з акупацыяй тэрыторыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі, таму дакладную дату нараджэння натарыяльнай канторы немагчыма вызначыць.
5 лістапада 2025 г. — 75 гадоў з дня адкрыцця дзяржаўнай установы адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці» (1950)
У СССР была створана шырокая сетка пазашкольных устаноў, якія вялі работу з вучнямі ў пазаўрочны час. 5 лістапада 1950 г. у невялікім аднапавярховым будынку быў адкрыты Кобрынскі раённы Дом піянераў і школьнікаў. Першым дырэктарам установы стаў Міхаіл Барысавіч Берлін. У трох пакоях працавала чатыры гурткі дэкаратыўна-прыкладнай творчасці.
11 лютага 2025 г. — 85 гадоў з часу заснавання ААТ «САЛЕА-Кобрын» (Кобрын; 1940), прадпрыемства гідраўлічнага машынабудавання
Нараджэнне Кобрынскага рамонтнага завода звязана з уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР. На былых памешчыцкіх землях заходніх абласцей пачалі стварацца саўгасы і калгасы. На палях з’явілася тэхніка, і для забеспячэння яе бесперабойнай работы патрэбна была рамонтная база. У верасні 1939 г. ЦК ВКП(б) і СНК СССР прынялі рашэнне аб будаўніцтве ў вызваленых абласцях рамонтных прадпрыемстваў.
25 ліпеня 2025 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Надзеі Рыгораўны Дземянчук (1940–2001), заслужанага работніка культуры Беларускай ССР (1991)
Надзея Рыгораўна Дземянчук нарадзілася 25 ліпеня 1940 г. у в. Песценькі Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. З ранняга дзяцінства дзяўчынку вабіла літаратура: любіла чытаць аб прыгодах і падарожжах, гістарычныя кнігі.
22 сакавіка 2025 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Івана Паўлавіча Мароза (1945), кіраўніка вытворчасці, Ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна (2015)
Іван Паўлавіч Мароз нарадзіўся 22 сакавіка 1945 г. у в. Свішчы Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, франтавік. У дзяцінстве ў Івана праявілася цікавасць да механікі, таму пасля заканчэння сямігодкі ў 1961 г. ён вырашыў пайсці вучыцца ў Пружанскі саўгас-тэхнікум. Скончыў аддзяленне механізацыі, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка.
10 снежня 2024 г. — 80 гадоў з часу заснавання дзяржаўнай установы «Кобрынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» (1944)
Гісторыя станаўлення санітарнай службы Кобрынскага раёна сыходзіць у 1944 год, калі на падставе загада № 29 ад 10 снежня 1944 г. па Кобрынскаму раённаму аддзелу аховы здароўя і загада Брэсцкага абласнога аддзела аховы здароўя ад 7 снежня 1944 г. была створана Кобрынская санэпідстанцыя (СЭС). У той час СЭС вырашала такія задачы, як ліквідацыя санітарных наступстваў вайны і акупацыі, барацьба з сыпным тыфам, малярыяй, яшчурам, дыфтэрыяй і іншым хваробамі.
8 снежня 2024 г. — 30 гадоў з часу адкрыцця дзяржаўнай сацыяльна-педагагічнай установы адукацыі «Кобрынская дзіцячая вёска» (1994)
Савет Міністраў БССР у 1988 г. прыняў пастанову аб адкрыцці ў рэспубліцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Праект Кобрынскай дзіцячай вёскі нарадзіўся ў сценах Брэсцкага аблвыканкама, і будаўніцтва першых катэджаў на ўскраіне заходняй часткі Кобрына пачалося ў 1989 г. Яшчэ да пачатку дзяржаўнага фінансавання грошы на будаўніцтва катэджаў у Кобрыне выдаткавалі грамадзяне Германіі.
5 лістапада 2024 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Нінэля Паўлавіча Гасюка (1924), ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, Ганаровага грамадзяніна Кобрынскага раёна
Нінэль Паўлавіч Гасюк нарадзіўся 5 лістапада 1924 г. у в. Лучкава Красінскага раёна Смаленскай вобласці. Бацька Нінэля, Павел Пятровіч Гасюк, скончыў Віленскае педагагічнае вучылішча, вучыў дзяцей на Случчыне. Моцны ўплыў ідэй савецкай улады і яе лідара У. I. Леніна заахвоціла Паўла Пятровіча даць сыну імя Нінэль.
2024 г. — 15 гадоў з часу ўвядзення ў эксплуатацыю Аздараўленчага цэнтра з водагразелячэбніцай «Аквапарк г. Кобрын» (2009)
Аздараўленчы цэнтр з водагразелячэбніцай «Аквапарк г. Кобрын» адкрыўся 25 лістапада 2009 г. Гэта першы на Брэстчыне аквапарк. Будаваўся ён па праекце аквапарку «Азёрны», які ўжо некалькі гадоў працаваў у Гродзенскай вобласці. Аб'ект узводзілі пінчане — генпадрадчыкам выступіў «Будтрэст № 2». Будаваўся крыху больш за год і з’явіўся адным з самых буйных і важных будаўнічых аб’ектаў, якія ўзводзіліся да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі–2009» у г. Кобрыне.